Tuesday 14 April 2015

Клубнічнае марозіва за 5 хвілін

Геніяльна просты рэцэпт

Пачну з простага, прыемнага і карыснага. Клубнічнае марозіва, якое імгненна робіцца і гэтак жа хутка знікае з талерак. Яго можна есці без згрызотаў сумлення нават тым, хто хоча скінуць лішнія кілаграмы.

Нягледзячы на халодны красавік за вакном, першыя сонечныя прамяні ўсё ж даюць надзею на тое, што сезон на клубніцы распачнецца ўжо зусім хутка. А пакуль застаецца карыстацца рэшткамі ўраджаю мінулага году з маразільнай камеры.

З аднаго боку, канечне, прасцей купіць гатовае марозіва ў краме — там і клубнічнае, і шакладнае, і пламбір. Праўда, калі паглядзець на хімічны склад  гэтага марозіва, то аказваецца, што над нібыта “знаёмым з дзяцінства смакам” добра папрацавалі хімікі-выпрабавальнікі. У марозіве з крамы не тое, што вяршкоў сапраўдных няма, нават звычайнае малако можна знайсці толькі ў парашку з безліччу кансервантаў і хімічных дадаткаў.
Значна карысней для здароўя зрабіць адпаведнік марозіва самому. А гэты хуткі рэцэпт падыйдзе нават тым, хто зусім не ўмее гатаваць.

Для марозіва спатрэбіцца:

450 грамаў марожаных клубніц (купленых ці замарожаных вамі)
370 грамаў натуральнага ёгурту (вялікі кубачак)
2 сталовыя лыжкі цукру (у залежнасці ад клубніц можна даць больш)
Кухонны камбайн

Прыгатаванне

Усе складнікі закідваем у камбайн і міксуем некалькі хвілін, пакуль маса не стане аднароднай. Увага — лязо у камбайне мусіць быць вострым. 



Усё! Гатовае марозіва раскладаем у кубачкі, шклянкі ці талерачкі, упрыгожваем. 




Калі палічыць каларыйнасць такога дэсерта ў параўнанні са звычайным марозівам, то розніца ўражвае:

У звычайным марозіве з крамы – каля 260 ккал у 100 гр
У ёгуртава-клубнічным – толькі каля 70 ккал

Застаецца дадаць толькі адно - God bless Jamie Olivier!

2 comments :

  1. Але, на жаль, і натуральны ёгурт цяпер у крамах вельмі цяжка знайсці. Прынамсі, у Беларусі.

    ReplyDelete
  2. Я неяк паспрабую са смятанай зрабіць, можа таксама атрымаецца. Пра вынікі эксперымента напішу)

    ReplyDelete