Friday 17 April 2015

Мясны рулет у французскім цесце

Мексіканская версія ангельскага мяснога рулета


Вымаючы з маразілкі клубніцы для марозіва з папярэдняга паста, я выпадкова знайшла ў сваёй лядоўні ўпакоўку французскага цеста. Каб нічога не змарнавалася, сённяшні пост прысвячу яму, але не ў традыцыйнай салодкай версіі, а ў абедзенна-мясной.

Увогуле мясны рулет лічыцца стравай ангельскай кухні, але ў гэтай версіі ён мае мексіканскі дух - дадазеныя фасоля і перац чылі. Праўда, як па мне, то галоўную ролю ўсё ж адыгрывае арамат свежай каляндры і лайм. Страва гатуецца вельмі проста, увесь працэс займае не больш за гадзіну.

Для рулета спатрэбіцца:

500 гр фаршу (ялавіччына+свініна ці проста нятлустая свініна)
1 свежы перац чылі
1 лыжачка вэнджанай папрыкі ў парашку
4 невялікія маладыя цыбуліны з зелянінаю
сок і скурка 1 лайма
невялікі пучок свежай каляндры
400 гр кансерваванай чыровнай фасолі (зліць вадкасць і прамыць)
упакоўка французскага цеста
соль
перац
1 яйка
правансальскія зёлкі

Прыгатаванне

1. Калі французскае цеста ляжыць, як у мяне, у маразілцы, то яго трэба загадзя вынуць, каб адтаяла і стала мягкім.
2. Уключыць духоўку на 180 C (калі з тэрмавентылятарам) ці на 200 (калі без яго). У духоўцы адразу паставіць разагравацца бляху, на каторай будзе пекчыся рулет.
3. Парэзаць цыбулю разам з зелянінай, свежы чылі (папярэдне пазбавіўшыся ад насення), каляндру. У вялікай пасудзіне перамяшаць гэта ўсё з фаршам. Дадаць вэнджаную папрыку, соль і перац.
4. Сцерці скурку і выціснуць сок з цэлага лайма, дадаць у фарш. 
5. Дадаць прамытую і адцэджаную фасолю, перамяшаць.
6. Прысыпаць стол мукой, перакласці туды французскае цеста, раскатаць, каб атрымаўся прамавугольнік.
7. Уздоўж цеста пасярэдзіне выкласці фарш, пакідаючы пустымі па 2-3 см з карацейшага боку і прыкладна па 10 з даўжэйшага(можа быць больш). Мокрымі далонямі прыгладзіць фарш, каб прыдаць яму роўную і даўгаватую форму. 
8. Цеста справа і злева ад фарша парэзаць наўскос на палоскі шырынёй 1,5-2 см. Па чарзе загортваць палоскамі фарш, скрыжоўваючы наверсе рулета.

9. Памазаць сыры рулет яйкам і пасыпаць правансальскімі зёлкамі. 
10. Перакласці на паперу для выпечкі і адправіць на разагрэтую бляху. Пекчы каля 40 хвілін.

Падаваць з кетчупам, можна змяшаць яго з прыправамі і натуральным ёгуртам.





За рэцэпт застаецца падзякаваць BBC Good food.






No comments :

Post a Comment