Saturday 18 April 2015

Шакаладны пірог з бураком без яек

Нечаканае спалучэнне для аматараў шакаладу


Адношу сябе да верных прыхільнікаў шакаладных салодкасцяў, таму какава ва ўсіх магчымых выглядах і формах заўсёды чаканы госць у маім доме. Аднойчы мне здарылася гатаваць шакаладны пірог з фасоляй без мукі, але тыя, хто яго спрабаваў, не вельмі ацанілі арыгінальнасць ідэі. На днях на вочы трапіўся рэцэпт пірага з бураком і я вырашыла рызыкнуць яшчэ раз. Эксперымент скончыўся поспехам, пірог атрымаўся выдатны, вільготны ў сярэдзіне, з насычаным шакаладным смакам. Спяшаюся падзяліцца гэтым простым рэцэптам.

Інгрыдыенты:

Цеста
100 мл алею (у арыгінале мусіць быць рапсавы, але можна дадаць любы, які не мае моцнага алейнага смаку, я рабіла на рысавым)
1 сярэдні вараны бурак (каля 200 гр)
150 грамаў цукру
200 гр мукі
1 ст. лыжка пякарскага парашку (разрыхляльніка)
50 гр какавы ў парашку
200 гр натуральнага ёгурту
ванільны экстракт
соль

Глазура
100 гр цукровай пудры
50 гр горкага шакаладу (у якім больш за 60% какавы)
1 сталовая лыжка какавы
3 лыжкі малака
шакалад для стружкі і ўпрыгожвання (па жаданні)

Прыгатаванне

1. Растаўкці вараны бурак таўкачыкам для бульбы (калі мягкі) або перамалоць на пюрэ ў камбайне ці блэндэрам.
2. Разагрэць духоўку на 160 С (з тэрмавентылятарам) ці на 180 С (без яго).
3. Бурачаную масу перамяшаць з усімі іншымі складнікамі, дадаць чвэрць лыжачкі солі.

4. Масу перакласці ў натлушчаную алеем форму (таго дыяметру, які ёсць, калі ўзяць меншую форму, натуральна, пірог атрымаецца вышэйшы). Адправіць пірог у разагрэтую духоўку прыкладна на 50 хвілін. Ён вырасце нязначна.
5. Калі пірог будзе гатовы, вынуць з духоўкі і пакінуць астываць яго ў форме. Пакуль астудзіцца, прыгатаваць глазуру. Для гэтага проста перамяшаць усе складнікі і падагрэць на пліце, каб яны спалучыліся ў аднародную масу. Даць глазуры астудзіцца каля 15хв.

6. Пірог перавярнуць уверх дном на талерку ці падстаўку. Паліць глазурай, каб цалкам застыла.
Упрыгожыць, напрыклад шакаладнай стружкай.






No comments :

Post a Comment