Monday 20 April 2015

Паста з соусам з авакада

Просты і карысны для здароўя абед за 15 хвілін

Калі часу на прыгатаванне стравы зусім няма, а голад падае інтэнсіўныя прыкметы таго, што на гадзінніку час абеду, макароны з рознымі соусамі становяцца сапраўдным выратаваннем сітуацыі. Сёння хачу падзяліцца рэцэптам хуткага соуса для макаронаў з безліччу вітамінаў, мінералаў ды карысных для арганізму тлушчаў. У маёй кухоннай шафцы як раз знайшліся мае любімыя casarecce, але соус, здаецца, падыходзіць для кожнага віду макаронаў.

Інгрыдыенты (на 2 асобы):

Макароны
1 саспелае, мягкае авакада
2 зубкі часныку
4 сталовыя лыжкі натуральнага ёгурту
сок з чвэрці лімона
жменька свежых лісткоў базіліка
соль, перац
абсмажанае насенне гарбуза (па жаданні)

Прыгатаванне:

1. Паставіць гатавацца макароны паводле інструкцыі на ўпакоўцы (я вару да стадыі al dente).
2. Пакуль паста гатуецца, разрэзаць напалову авакада, пазбавіцца ад костачкі, лыжкай вынуць мякаць.

3. Да мякаці авакада дадаць ёгурт, часнык, базілік. 
4. Блэндэрам перамяшаць да аднароднай масы. Дадаваць соль, перац і сок з лімона па смаку (лімоны бываюць розныя, таму лепш самому вызначыць патрэбную колькасць соку).

5. Гатовую пасту выкласці ў глыбокія талеркі, паліць добрым аліўкавым алеем extra virgin. Дадаць соус і ўпрыгожыць, напрыклад абсмажаным насеннем гарбуза (яно дарэчы добра гарманіруе са смакам соуса).



Смачна есці!


No comments :

Post a Comment