Friday 24 April 2015

Перац, запечаны з кашай

Варыянт лёгкай, але пажыўнай вячэры без мяса

Слова "каша" шмат у каго асацыюецца з дзяцінствам, прымусам есці ў дзіцячым садочку ці з хваробай. У рацыёне сучаснага дарослага чалавека каша трапляецца не так ужо і часта, беларусы, на жаль, аддаюць перавагу бульбе. Але кашы прыносяць нам значна боль карысці і пажыўных складнікаў, чым бульба. Да таго ж, з кашамі можна прыгатаваць шмат смачных рэчаў, якія не сорамна падаць і гасцям. Адным з рэцэптаў дзялюся сёння - перац, запечаны з кашай.
Падчас прыгатавання стравы я выкарыстала кашу кіноа - "залатое зерне" старажытных інкаў. З кіноа варта пасябраваць, бо гэтая культура, сярод іншых карысных складнікаў, утрымлівае шмат бялку, а па колькасці фосфару можа пераўзыходзіць нават рыбу. Але страва атрымаецца не горшай і з больш традыцыйнымі на нашым стале пшонкай ды ячневай крупой.

Інгрыдыенты (на 2 асобы):
2 балгарскія перцы 
100 гр крупы (кіноа)
1 цыбуліна
1 маленькі перчык чылі
сыр тыпу Brie або Camembert
соль

Соус (па жаданні):
6 ст. лыжак натуральнага ёгурту
2 лыжачкі гарчыцы
лімонны сок
соль

Прыгатаванне:
1. Паставіць гатавацца кашу, але пакінуць яу крышачку недаваранай.
2. Парэзаць цыбулю і падсмажыць яе на патэлні. Парэзаць дробна чылі і дадаць да цыбулі, абсмажыць разам. 


3. Разагрэць духоўку да 160 градусаў (з тэрмавентылятарам) і на 180 без яго. Кашу перамяшаць з цыбуляй і чылі, дасаліць і дадаць молаты перац. З балгарскага перцу вынуць сярэдзінкі і разрэзаць на палову. 

4. Паловы напоўніць кашай. Нафаршыраваны такім чынам перац пакласці ў форму. Наліць у форму крыху вады, каб яе ўзровень сягаў прыкладна чвэрці вышыні формы. Адправіць усё у духоўку на 20-30 хвілін. 
5. Пад канец гэтага часу пакласці на перац кавалачкі сыру, каб ён паспеў растапіцца ў духоўцы. 

6. Можна падаваць з соусам. Для яго прыгатавання проста перамяшаць ёгурт, гарчыцу, дадаць па смаку соль і лімонны сок. 








No comments :

Post a Comment