Sunday 10 May 2015

Хатнія бургеры

Мужчынскі дзень у маім блозе


Сёння гатую не я, бургеры робіць муж. Майго аўтарства ў гэтым допісе толькі фоткі і апісанне.
Бургеры, напэўна, любяць усе, аднак смак зробленага ўласнаручна бургера моцна адрозніваецца ад таго, што прадаюць у рэстаранах фаст-фуд. Прычым, на карысць хатняга варыянту. Да таго ж, толькі дома можна дакладна даведацца, з якога мяса зроблены фарш, і накласці столькі соўса і дадаткаў, колькі хочацца. Не адцягваючы больш смакавіты момант, перайду да сутнасці - а менавіта, да працэсу прыгатавання.

Нам спатрэбіцца:
500 гр фаршу з ялавіччыны (класічны варыянт)
цыбуліна
соль, перац
булачкі

Дадаткі:
Памідоры
Сыр
Чырвоная цыбуля
Марынаваныя гуркі
Свежы чылі
Соўс (напрыклад, кетчуп з натуральным ёгуртам)
Прыгатаванне:
1. Парэзаць дробна цыбуліну, дадаць разам з соллю і перцам у фарш. Даць пастаяць каля 30 хвілін. Тым часам распаліць грыль.

2. З фаршу зрабіць круглыя катлеты.
3. Падсмажыць катлеты на грылі спачатку з аднаго боку, а потым з другога. Калі мяса крыху падсмажыцца з другога боку, пакласці на яго кавалкі сыру, каб ён расплавіўся.
4. Разрэзаць напалову булачкі і таксама выкласці іх на грыль, калі мяса будзе амаль гатовым. 
5. Булачкі намазаць соўсам, выкласці дадаткі - памідоры, катлеты, чырвоную цыбулю, марынаваныя гуркі, свежы чылі і г.д.
6. Апошні этап, здаецца, самы прыемны - прыкрываем верхняй паловай булачкі. Цяпер застаецца добра сціснуць сочны бургер рукамі і смакаваць.
Смачна есці!






No comments :

Post a Comment