Thursday 14 May 2015

Какосавыя макаруны

Тры складнікі, гадзіна часу і цудоўны дэсерт у выніку

Гэтыя "цукерка-пячэнькі" маюць некалькі назваў і выклікаюць спрэчкі кулінарных гурманаў. Хтосьці лічыць іх французскім дэсертам і схіляецца да французскай назвы Congolais. Іншыя даводзяць, што гэты дэсерт - амерыканская класіка, добра знаёмая кожнаму дзіцёнку ў ЗША, і называюць яго какосавымі макарунамі (не блытаць з французскімі рознакаляровымі пячэнькамі "макаронамі"). У Польшчы гэты ласунак прадаецца пад назвай "Kokosanki". Ясна адно - пячэнькі насамрэч вартыя ўвагі і спрэчак, бо вельмі смачныя і, што не менш важна, вельмі простыя ў прыгатаванні. Макаруны паводле гэтага рэцэпту атрымліваюцца крохкія зверху і мягкія ўнутры, па смаку падобныя на цукеркі Rafaello.

Складнікі:
200 гр какосавай стружкі
3 яйкі
150 гр цукру (+ крыху ванільнага арамату або ванільнага цукру)

Прыгатаванне:
1. Змяшаць усе складнікі ў каструлі і награваць, працягваючы мяшаць, пакуль сумесь не стане гарачай (каля 50 градусаў) і больш аднароднай. Розніца перад награваннем і пасля выглядае прыкладна так:
2. Далей сумесь здымаем з агню і ўзбіваем міксерам цягам 5 хвілін. Потым прыкрываем і ставім у лядоўню на 30 хвілін.
3. Пасля 30 хвілін уключаем духоўку на 180 градусаў (ці на 160, калі духоўка з тэрмавентылятарам). Бляху засцілаем паперай для выпечкі. Дастаем сумесь з лядоўні і пры дапамозе лыжкі, відэльца ці рук (або ўсяго разам) на паперы фармуем шарыкі або пірамідкі (як каму падабаецца). З пададзеных складнікаў атрымліваецца цэлая бляха макарунаў.

4. Выпякаем 20 хвілін. Крыху астуджваем і гатова! 


Какосавыя макаруны выдатна пасуюць да кавы ці гарбаты ў любой кампаніі і не пакідаюць раўнадушнымі ні хлопцаў, ні дзяўчат. Існуе, праўда, пэўная небяспека, звязаная з імі - можна не стрымацца і з'есці адразу ўсе.



No comments :

Post a Comment