Friday 15 May 2015

Пірог-буханка са спаржай

Замест цеста - кавалкі хлеба

Спаржа, адна з найстарыжытнейшых раслін, якую спажывалі нашыя продкі. Спаржу любілі яшчэ фараоны, рымскія імператары, ужо не кажучы пра французскіх каралёў ды нафтавых магнатаў. Цягам некалькіх стагоддзяў спаржу лічылі афрадызіякам. Пасля таго, як распалася Рымская імперыя (дзе гэтая расліна была частай госцяй на пірах), спаржа патрапіла ў няміласць да хрысціян за сваю нібыта "грахоўную сутнасць", аднак праз некалькі стагоддзяў вярнулася на сталы вышэйшых чыноў. Наколькі праўда, што спаржа насамрэч з'яўляецца афрадызіякам, сказаць складана, бо сучасныя навукоўцы, здаецца, пакуль гэтага так і не давялі. Аднак дакладна вядома, што прыгожыя зялёныя сцяблінкі хаваюць у сабе столькі ўсяго карыснага для здароўя, што можна пералічваць бясконца - антыаксіданты, фоліевая кіслата, вітаміны, мікра і макраэлементы і г.д.
Таму пакуль на спаржу сезон, не прыгатаваць з яе штосьці цікавае - проста грэх. Вядома, можна зрабіць спа спаржай амлет, падсмажыць на грылі або запекчы ў духоўцы. Аднак я не шукаю лёгкіх шляхоў:) Таму сённяшні рэцэпт такі - пірог-буханка са спаржай. Буханка таму што зроблены без цеста, замест яго - хлеб.

Складнікі:
Упакоўка тоставага хлеба
Пучок зялёнай спаржы
200 гр вэнджанага ласося (можна і больш)
3 яйкі
100 гр цёртага сыру
300 мл вяршкоў 30%
масла (натлусціць форму)
соль, перац, мушкатовы арэх

Прыгатаванне:
1. Закіпяціць ваду ў каструлі, пасаліць. Спаржу памыць, адламіць цвёрдыя часткі сцяблінаў (каля 3 см), астатняе кінуць у кіпень, пакуль спаржа не памякчэе. Галоўнае не пераварыць! Як памякэче, адразу перакласці ў міску з ледзяной вадой. Праз некалькі хвілін вынуць, прамакнуць папяровым рушніком. Гэта дазволіць захаваць спаржу пругкай, а не разваранай.
2. З тоставага хлеба абрэзаць скарынку и падрыхтаваць столькі кавалкаў, колькі трэба, каб закрываць форму па дне і баках, а таксама зверху.  
3. Добра прамазаць форму маслам і выкласці ў яе хлеб. 

4. У місцы ўзбіць яйкі з вяршкамі, дадаць молаты перац, мушкатовы арэх і крышачку солі. 
5. Пацерці сыр. Палову спаржы абгарнуць кавалкамі вэнджанага ласося.
6. Уключыць разагравацца духоўку на 200 градусаў (калі з тэрмавентылятарам, то на 180).
7. Выкласці ў форму на хлеб спачатку слой спаржы, паліць сумессю вяршкоў і яек, пасыпаць сырам. Наверх пакласці некалькі сцяблінак спаржы, загорнутых у ласось. Потым зноў спаржа, яйкі з вяршкамі і сыр, і зноў - спаржа з вэнджаным ласосем. Такімі слаямі паступова дайсці да верха.
8. Верхнія кавалкі тоставага хлеба памазаць зверху мягкім маслам і прыкрыць пірог. Такім чынам масла мае быць з усіх знешніх бакоў пірага.
9. Адправіць пірог у духоўку прыкладна на гадзіну. Праз 30 хвілін зменшыць тэмпературу на 20 градусаў. Праверыць гатоўнасць пірага можна націскаючы на верхнія кавалкі хлеба. Калі з-пад іх не будзе прасачвацца вадкасць (вяршкі), то можна вымаць. 
10. Астудзіць, перавярнуць дагары нагамі. Парэзаць вострым нажом на кавалкі. Можна есці як цёплы, так і халодны.



No comments :

Post a Comment