Tuesday 16 June 2015

Незвычайнае клубнічнае варэнне

У якасці дадаткаў - апельсін, мята і... гарэлка



Рабіла варэнне першы раз. Увогуле лічу сябе ідэалагічным праціўнікам традыцыйных савецкіх хатніх кансервацый, таму што туды дадаецца столькі цукру, што маё сэрца проста абліваецца крывёю, калі я гляджу на гэтыя кілаграмы. Адзінае выключэнне - гэтае варэнне, якое адрозніваецца ад традыцыйных як прыгатаваннем, так і смакам (прынамсі для мяне, "чайніка" у варэнні варэння). Рэцэпт гэты я выпрасіла ў мамы, якая гадоў 15 таму аднекуль перапісала яго ў сваю кулінарную кнігу, але першакрыніцу ўжо і сама не памятае. Але дакладна магу сказаць, што пасля гэтага варыянту клубнічнага варэння, есці звычайнае будзе ўжо сумна і нецікава. Дзякуючы апельсінам і мяце, а таксама таму, што гатуецца яно ўсяго некалькі хвілін, варэнне мае свежы і лёгкі смак. Па кансістэнцыі яно не густое, на хлеб яго не намажаш, але паліць ім свежыя блінчыкі ці гарачы тост - самае тое. Ну і апошняя парада - пачаць падрыхтоўку да гэтага варэння лепш з вечара, бо апельсіны мусяць настаяцца цэлую ноч. З пададзеных складнікаў атрымліваецца ўсяго некалькі слоікаў, варта зрабіць крыху, каб пакаштаваць і назаўсёды закахацца ў гэтае варэнне. Я рабіла падвойную порцыю, таму на фота 6 слоікаў.
Складнікі (на 3 слоікі варэння па 370 мл кожны)
250 гр апельсінаў
650 гр цукру
375 гр клубніцаў
2 ст. лыжкі лісткоў свежай мяты
2-3 ст. лыжкі гарэлкі

Прыгатаванне:
1. З вечара апельсіны абдаць кіпенем, парэзаць на тонкія кавалкі. Засыпаць 250 гр цукру і пакінуць на ноч.
2. Клубніцы памыць і пачысціць, крыху памяць, перамяшаць з 400 гр цукру і пакінуць настаяцца на 1 гадзіну.
3. Спалучыць клубніцы і апельсіны. Пасекчы свежую мяту, дадаць у сумесь. Награваць сумесь, пакуль не загатуецца, потым варыць 4 хвіліны. Выключыць пліту, праз некалькі хвілін дадаць гарэлку.
4. Разліць у стэрылізаваныя слоікі. Перавярнуць дагары нагамі, пакуль не астынуць. Увага! потым варэнне трэба захоўваць у лядоўні.
Як стэрылізаваць слоікі (для тых, хто як і я поўны нуль у хатніх кансервацыях).

Паколькі адзіная мая вялікая каструля была задзейнічаная для прыгатвання варэння, то стэрылізаваць слоікі над парам мне проста не было ў чым. Я выбрала варыянт - духоўка. Чыстыя пустыя слоікі трэба паставіць дагары нагамі на рашотку ў халодную духоўку. Паставіць награвацца да 150 градусаў. Як нагрэецца - даць ім 5-10 хвілін (чым больш слоік, тым больш часу). А бляшаныя вечкі для слоікаў можна проста пагатаваць у кіпені у невялікай каструлі некалькі хвілін.




No comments :

Post a Comment