Sunday 14 June 2015

Чызкейк з клубнічным мусам

На салодкім пясочным каржы


Мой кухонны камбайн абвясціў забастоўку і адмовіўся працаваць. Такім чынам, пакуль ён катаецца па рамонтах, я вымушаная знаходзіць рэцэпты страваў, для якіх не патрэбны міксер. Дзякуй, што хоць блэндэр ёсць асобны, ён неяк ратуе сітуацыю. Таму сёння чарговы рэцэпт з клубніцамі, для прыгатавання якога з электрычных дапаможнікаў я выкарыстала толькі блэндэр, каб зрабіць мус з ягад. Усё астатняе робіцца рукамі, прычым без вялікага высілку.
Складнікі:
Пясочны корж
130 гр мукі
50 гр цукру
80 гр халоднага масла
палова ўзбітага яйка

Начынка
500 гр тварагу 
50 гр цукру
1 яйка
1 упакоўка ванільнага пудынгу ў парашку (польскі budyń)

Клубнічны мус
200 гр клубніцаў
3 ст. лыжкі цукру

Прыгатаванне:
1. Спачатку робіцца корж. Муку змяшаць з цукрам, масла парэзаць кубікамі. Усё разам пасекчы ў місцы, каб мука і масла крыху змяшаліся.
 2. Рукамі расцерці муку, цукар і масла ў крышкі.
 3. Узбіць яйка, але да крышак дадаць толькі яго палову. Замясіць цеста, але старацца зрабіць гэта хутка, каб масла моцна не паспела растаяць. Калі будзе моцна ляпіцца да рук, пакласці на 10 хвілін у лядоўню, калі не, то можна не класці.
4. Падрыхтаваць форму, памазаць яе маслам. Раскатаць крыху цеста і перанесці яго ў форму, рукамі разраўняць па ўсёй форме, зрабіць дзірачкі відэльцам. Адправіць форму разам з цестам на 40 хвілін у лядоўню.
 5. Калі 40 хвілін пройдзе, уключыць разагравацца духоўку да 190 градусаў (рэжым без тэрмавентылятара). Вынуць з лядоўні форму з цестам, накрыць яе паперай для выпечкі і высыпаць на яе цяжар - напрыклад фасолю ці гарох, каб корж не падняўся падчас выпечкі. (Падрабязней пра цяжар я пісала тут).
6. Корж выпякаць пры 190 градусах 15 хвілін, потым вынуць паперу з цяжарам, зменшыць тэмпературу да 180 градусаў і пекчы яшчэ 15 хвілін.
7. Тым часам зрабіць мус. Клубніцы парэзаць, у каструльцы змяшаць з цукрам, награваць, пакуль не загатуецца. Гатаваць яшчэ 10 хвілін. Потым зміксаваць блэндэрам, каб быў аднародны мус.
8. Начынка. Для чызкейку звычайны тварог трэба 2-3 разы прапусціць праз мясарубку. Тварог змяшаць з цукрам, яйкам і "будынем" у парашку.
 9. Калі корж спячэцца, не выключаць духоўку. На корж выкласці тварожную масу. На яе выкласці клубнічны мус - напрыклад у форме колаў. Можна таксама зрабіць узоры. Усё гэтае шчасце адправіць у духоўку на 20 хвілін.

 Гатовы чызкейк упрыгожыць свежымі клубніцамі або іншымі ягадамі, міндалём, мятай і ўсім, што ёсць пад рукой.




No comments :

Post a Comment