Tuesday 9 June 2015

Рулет са свежымі клубніцамі

Бісквітнае цеста і далікатны смятанкавы смак крэму


Чарговая серыя клубнікаманіі ў маім блогу (і не апошняя). Сёння вельмі далікатны клубнічны рулет з крэмам з маскарпонэ і кавалкамі свежых клубніц. Выдатна смакуе з кавай і гарбатай. Зварочваецца лёгка і робіцца даволі хутка.
Складнікі:
Бісквіт
5 яек
75 гр мукі
75 гр крухмалу
1 лыжачка пякарскага парашку
1 лыжка ванільнага цукру
100 гр цукру
шчыпотка солі

Крэм
250 гр маскарпонэ
1 шклянка клубніцаў на мус
200-300 гр клубніцаў парэзаць кавалкамі
3 лыжкі цукровай пудры
2 лыжкі жэлаціну
некалькі лыжак цёплай вады+лыжка малака

Прыгатаванне:
1. Аддзяліць жаўткі ад бялкоў. Бялкі з 50 гр цукру і шчыпоткай солі ўзбіць да стану густой пены.
2. Жаўткі з 50 гр цукру і ванільным цукрам узбіць, каб атрымалася светлая, пышная маса.
3. Разагрэць духоўку да 175 градусаў з тэрмавентылятарам (195 без яго). На бляху выкласці паперу для выпечкі, памазаць яе маслам і пасыпаць мукой.
4. Дадаць да жаўткоў прасеяную муку, крухмал і пякарскі парашок. У канцы дадаць узбітыя бялкі і лыжкай ці лапаткай перамяшаць да аднароднага стану. Цеста выліць на бляху і разраўняць.
5. Пекчы 12 хвілін, потым адразу вынуць з духоўкі, каб бісквіт не паспеў зацвярдзець.
6. Перакласці бісквіт на чысты рушнік, зняць з яго паперу для выпечкі. Загарнуць рушнік разам з біксвітным каржом у рулет і адкласці ў бок.
7. Тым часам робіцца крэм. З шклянкі клубніцаў і цукровай пудры блэндэрам зрабіць мус. Калі клубніцы не вельмі салодкія, дадаць больш цукру.
8. У іншай місцы міксерам узбіць маскарпонэ. Паволі дадаваць туды клубнічны мус.
9. У кубку ці шклянцы развесці крухмал некалькімі лыжкамі цёплай вады, добра перамяшаць, дадаць малако. Крухмальную сумесь паволі дадаць да маскарпонэ і клубнічнага мусу, перамяшаць. На пару хвілін адправіць крэм у лядоўню.
10. Разгарнуць рушнік з бісквітам, размазаць крэм па каржы. Выкласці наверх кавалкі клубніцаў і загарнуць рулет.

11. Гатовы рулет загарнуць у харчовую плёнку, можна дадаткова яшчэ ў рушнік. Адправіць у лядоўню на некалькі гадзін. Рэзаць вострым нажом. Падаваць можна, пасыпаўшы цукровай пудрай і ўпрыгожыўшы свежымі клубніцамі. 




***
Гэты рэцэпт з пэўнымі зменамі я ўзяла адсюль, а іншы варыянт дэсерта са свежай клубнікай можна знайсці тут.




No comments :

Post a Comment