Monday 8 June 2015

Макароны са смажаным беконам і гарошкам

Хуткая і простая страва на абед


Гледзячы па тым, што паста з соусам з авакада з майго блогу карыстаецца вялікай папулярнасцю, не адна я люблю макароны. Хаця я, напэўна, усё ж мега-аматар, бо магла б іх есці на сняданак, абед і вячэру, і мне б не надакучыла (вядома, пры ўмове, што дадаткі былі б розныя). Таму сённяшняя прапанова з разраду "хутка і смачна". Аўтар - улюбёны мной і многімі Jamie Olivier. Ён прапануе выбраць для гэтай стравы "ракушкі" (мне яны, дарэчы, чамусьці нагадваюць дзіцячы садок і выклікаюць мілыя дзіцячыя ўспаміны). Аднак "ракушак" у бліжэйшай краме не было, таму выбрала нешта круглаватае.

Складнікі:
200 гр макаронаў
200 гр вэнджанага бекону
200 гр марожанага зялёнага гарошку
паўпучка свежай мяты
2 ст. лыжкі смятаны
сок з чвэрці лімона
пармезан (колькі не шкада - у арыгінале 80 гр на 200 гр макаронаў)
соль, перац
аліўкавы алей
1 ст.лыжка масла

Прыгатаванне:
1. Загатаваць ваду, пасаліць і закінуць ў каструлю макароны. Пакуль яны гатуюцца, робім усё астатняе.
2. Дробна парэзаць вэнджаны бекон.
3. На патэльню ўліць некалькі лыжак аліўкавага алею і дадаць кавалак масла. Падрумяніць на сярэднім агні бекон, дадаць да яго чорнага молатага перцу.
4. Пакуль бекон смажыцца, можна пацерці пармезан і дробна пасекчы лісткі свежай мяты.
5. Дадаць да румянага бекону марожаны зялёны гарошак, добра перамяшаць. Падсмажыць разам хвіліну.
6. Дадаць смятану і свежую мяту.
7. Адцадзіць макароны, але пакінуць шклянку вады, у якой яны гатаваліся.
8. Макароны выкласці на патэльню да бекону і гарошку. Выціснуць сок з чвэрці лімона. Перамяшаць. Калі кансістэнцыя занадта густая, дадаць вады, у якой гатаваліся макароны.
9. Калі соус пачне гатавацца, зняць патэльню з агню, дадаць цёрты пармезан, перамяшаць. Калі трэба, да смаку дасаліць, дадаць яшчэ молатага перцу.

Джэймі Олівер раіць падаваць макароны ў вялікай талерцы, каб кожны мог накласці сабе колькі захоча.




No comments :

Post a Comment