Wednesday 3 June 2015

Клубнічнае марозіва semifreddo

Італьянскі дэсерт са свежай клубнікі, тлустых вяршкоў і сырых яек

Нарэшце, сезон на клубніку пачаўся. Баюся, што цяпер прыйдзецца мой блог перайменаваць у "клубнічны", бо гэты рэцэпт з чырвонымі, салодкімі і сакавітымі ягадамі дакладна не апошні. Таму ва ўсіх, хто мае алергію на клубніцы або проста іх не любціь, адразу прашу прабачэння. Клубнічнае марозіва semifreddo гэта фактычна клубнічны мус, але дзякуючы гэтаму ягоны смак вельмі сметанковы і далікатны. Дэсерт каларыйны, што з аднаго боку, канечне, мінус, за тое з другога - якая матывацыя для летніх вандровак на ровары! 
Марозіва ў прыгатаванні нескладанае, але лепш яго зрабіць з вечара, каб за ноч добра застыла ў маразілцы.
Для semifreddo спатрэбіцца:
300 гр клубніцаў
250 мл вяршкоў 30% (з лядоўні)
100 гр цукру
2 жаўткі+1 цэлае яйка

Прыгатаванне:
1. Добра ўзбіць вяршкі, каб яны сталі густымі. Каб вяршкі добра ўзбіліся, яны мусяць быць добра ахалоджанымі і мець адпаведную тлустасць. Адкласці вяршкі ў бок. 
2. Блэндэрам зрабіць аднародную масу з клубніцаў. Таксама адставіць у бок.
3. У металічнай місцы або каструлі перамяшаць цукар з жаўткамі і яйкам. Зрабіць "вадзяную лазню", то бок паставіць гатавацца ваду ў каструлі, а потым паставіць на пар міску (або каструлю) з яйкамі і цукрам. Венчыкам мяшаць сумесь над парам цягам 7 хв, яна крыху загусцее і з'явіцца светлая пена.
4. Выключыць пліту і ўзбіваць сумесь міксерам цягам чарговых 7 хвілін (у мяне міксер стацыянарны, таму я проста пераліла ў іншую пасудзіну, але можна ўзбіваць у той жа місцы ці каструлі). У выніку сумесь стане светлай і густой. 
5. Спалучыць узбітыя вяршкі, масу з клубніцаў і яйкі з цукрам, добра перамяшаць (можна міксерам на невялікай хуткасці). 
6. Падрыхтаваць прамавугольную форму. Для гэтага выкласці яе паперай для выпечкі або празрыстай харчовай плёнкай. Я дадала на дно некалькі разрэзаных клубніц, каб было прыгажэй у гатовым відзе.

7. Клубнічна-смятанкавую масу выліць у форму. Адправіць у маразілку на ноч.
Перад тым як разрэзаць, даць марозіву некалькі хвілін адтаяць пасля маразілкі. Тады яно прасцей "вылязе" з формы. 

Фота на паперы і ў талерцы рабіла ў розных пакоях, святло было іншае, таму колеры "блоку" і кавалкаў крыху адрозніваюцца.

Рэцэпт semifreddo ўзяла з польскага кулінарнага сайта

***
Ну і нагадаю, што значна прасцейшы, але таксама смачны, рэцэпт клубнічнага марозіва, якое робіцца марожаных ягад за 5 хвілін тут

No comments :

Post a Comment