Friday 29 May 2015

Сырны тарт

Можна выкарыстаць рэшткі розных сыроў або дадаць толькі 1 від

На гэтым тыдні я наводзіла парадак на кухні і знайшла грачаную муку, якую купіла некалькі месяцаў таму, схавала і забылася пра яе. Ніколі раней з грачанай мукі я нічога не гатавала, але шмат чула пра тое, што яна здаравейшая і не ўтрымлівае глютэну, на які некаторыя маюць алергію. У мяне, здаецца, алергіі на глютэн няма, аднак пакаштаваць грачаную муку было ўсё роўна цікава.
А тут як раз у госці мелі прыйсці сяброўкі, таму адпаведная нагода здарылася сама сабой. Адсюль нарадзілася ідэя - тарт з грачанай мукі. Што да начынкі, то і тут ідэю падказалі парадкі ў лядоўні - знайшліся 3 кавалкі розных сыроў - крыху сыру з цвіллю (ядомай, канечне) і 2 кавалкі галандскага. Такім чынам грачаны корж спалучыўся з сырнай начынкай у адну супольную страву. Праўда, у краму прыйшлося ўсё ж схадзіць - я вырашыла дадаць да маіх "жоўтых" сыроў крыху сыру фета. 

Насамрэч, гэты рэцэпт можна зрабіць са звычайным пясочным цестам, менш смачны ён не стане, дакладна. Грачаны корж мае, канечне, іншы, своеасаблівы смак і пах, які дадае пэўнай пікантнасці, але мае і пэўную хібу - занадта крохкі. Звычайны пясочны корж, за кошт глютэну, менш рассыпаецца і лепш трымае форму. Што тычыцца сыру - таксама зусім не абавязкова мець некалькі відаў, дастаткова аднаго - галандскага тыпу. 

Складнікі:
Грачанае цеста
1,5 шклянкі грачанай мукі
150 гр халоднага масла
2-3 лыжкі несалодкага ёгурту ці смятаны
шчыпотка солі

або

Пясочнае цеста
250гр мукі
125 гр масла
1 яйка
1-2 лыжкі халоднай вады

Начынка
400 гр сыру 
(1 ці некалькі відаў, я ўзяла - 50гр жоўтага з цвіллю, 225гр галандскага і 125гр сыру фета)
1 шклянка малака
1 шклянка густой смятаны
3 яйкі
прыправы 

Прыгатаванне:
1. Засяроджуся тут на грачаным цесце, а падрабязней пра тое, як зрабіць пясочнае, можна пачытаць тут. Халоднае масла рэжам кубікамі, дадаем да мукі. 
2. Трэба пасекчы масла разам з мукой, каб паўстала штосьці кшталту грубых стружак. Потым размяць гэтыя стружкі рукамі, каб масла добра перамяшалася з мукой. 
3. Дадаць соль і ёгурт. Замясіць цеста. 
4. Паколькі яно не такое эластычнае, як звычайнае, перад тым, як перанесці яго ў форму, моцна раскатваць не трэба, толькі крыху, каб атрымаўся " тоўсты блін". Далей ужо разраўняць у форме рукамі. Адправіць на гадзіну ў лядоўню.
5. Пасля таго, як прайшла гадзіна, вынуць корж, зрабіць відэльцам дзірачкі, і адправіць у разагрэтую да 180 градусаў духоўку (рэжым без тэрмавентылятара). Выпякаць 10-15 хвілін або пакуль не стане цвёрдым.
6. Зрабіць начынку. Пацерці галандскі сыр, парэзаць сыр фета і з цвіллю. У місцы змяшаць шклянку малака, шклянку смятаны і 3 яйкі. Узбіць, дадаць соль, перац, молаты мушкатовы арэх, куркуму для жоўтага колеру. 
7.Калі корж спячэцца, вынуць яго, але духоўку не выключаць. Раскласці сыр фета і з цвіллю, зверху засыпаць усё цёртым галандскім, заліць сумессю яек, малака і смятаны. 
8. Адправіць тарт у духоўку на прыкладна 40-50 хвілін. Першыя 15 хвілін выпякаць пры той жа тэмпературы, потым можна зменшыць да 160 градусаў. Пад канец выпечкі начынка можа падняцца, але потым сама апусціцца. Калі тарт будзе гатовы - адразу стане бачна, сыр расплавіцца, спалучыцца з малаком, смятанай і яйкамі, тарт поўнасцю пакрыецца далікатнай скарыначкай сыру і падрумяніцца. Можна правяраць гатоўнасць, націскаючы на сярэдзіну, там не павінна быць вадкасці.  Гатовы тарт упрыгожыць. Можна есці ў цёплым, халодным і падагрэтым відзе, страва вельмі сытная.











No comments :

Post a Comment