Wednesday 27 May 2015

Катлеты без мяса

Галоўныя героі - брокалі, морква і прасяная каша


Чарговая страва з кашай, якая прыйдзецца да спадобы нават перакананым прыхільнікам мяса. Базу гэтых катлет складае каша з проса - вельмі карысная для здароўя, але чамусьці мала папулярная ў нашым штодзённым рацыёне. Калі я была малая, мама гатавала такую кашу, а потым запякала ў духоўцы з цукрам, у маленькіх гаршчочках. Аднак каша з проса выдатна спалучаецца і з салёнымі стравамі, ды і гатаваць яе на малацэ зусім не абавязкова.

У прасяной кашы шмат лёгкастрававальнага бялку, сярод усіх каш у ёй найбольш вітамінаў групы В, жалеза і медзі. Прасяная каша таксама мае супрацьвірусны эфект і дапамагае зменшыць запаленне слізістай (напрыклад падчас катару).
Але іншыя складнікі гэтай стравы не менш карысныя для здароўя. Брокалі можна доўга спяваць гімны, але сёння абмяжуюся толькі тым, што яна абараняе наш арганізм ад раку, анеміі, рэгулюе ўзровень цукру ў крыві і ўтрымлівае моцныя антыаксіданты. Морква - таксама ўсім добра вядомая скарбніца вітамінаў (А, В1, В2, РР, КК) і мінералаў. Думаю, гэтага ўсяго цалкам дастаткова, каб паспрабаваць прыгатаваць гэтыя вегетарыянскія катлеты.

Складнікі: 
Прасяная каша 200 гр
Брокалі марожаная або свежая (450 гр)
2 сярэднія моркаўкі
1 вялікая цыбуліна
100 гр сыру (галандскага)
3-4 яйкі (у залежнасці ад велічыні)
соль, перац
сухары, каб абваляць у іх катлеты

У якасці неабявязковага дадатку - соус цацыкі

Прыгатаванне:
1. Асобна зварыць моркву і брокалі, але не пераварыць ні таго, ні другога, каб у выніку не атрымалася каша. Гародніна мусіць застацца пругкай. Моркву пацерці на крупнай тарцы, а брокалі дробна парэзаць нажом.
2. Прасяную кашу высыпаць на сіта, прамыць пад кранам, пакуль вада не стане чыстай. Абдаць кіпенем. Зварыць у падсоленай вадзе. Прапорцыя - 1 частка кашы - на 2,5 часткі вады.
3. Цыбуліну пачысціць, дробна парэзаць і абсмажыць на патэльні. Пацерці сыр.
4. Усе складнікі змяшаць разам у вялікай місцы. Пасаліць, дадаць чорны молаты перац. Дадаць прыкладна 4 яйкі. Калі маса атрымалася крыху вадкай, дасыпаць сухароў.
5. Зляпіць невялікія катлеты, абваляць у сухарах. Падсмажыць з абодвух бакоў на патэльні.
Падаваць з соусам цацыкі або з нейкім іншым на базе смятаны ці ёгурту з дадаткам часныку і зёлак. Калі адламіць кавалак гарачай катлеты, то ўсярэдзіне прыемна цягнецца расплаўлены сыр. Смаката!

Але катлеты можна смела ўзяць на працу на наступны дзень, яны смачныя і ў халодным выглядзе.


Іншы варыянт простай і смачнай вегетарыянскай стравы з майго блогу - перац запечаны з кашай.

No comments :

Post a Comment