Thursday 4 June 2015

Смажаная курыца а-ля KFC

Хатні фастфуд з разраду "прасцей не бывае"


У тым, што фастфуды - шкодная штука, пераконваць, думаю нікога не варта, бо ўсе гэта і так ведаюць. І хоць славуты McDonald's я зусім не люблю і пайсці туды магу хіба што з вялікай галадухі і ляноты, то вось ад смажанай курыцы KFC адмовіцца мне складаней. Але спосаб вырвацца з палону шкодных фастфудаў ёсць - можна зрабіць іх больш дыетычную версію самому. Хрусткае філе курыцы а-ля KFC насамрэч робіцца імгненна і не патрабуе нейкіх складаных кулінарных навыкаў. У страве ўсяго адзін сакрэт - каб курыца атрымалася насамрэч хрусткай, яе трэба абсмажыць у кукурузных шматках.
 Складнікі:
1 падвойнае філе курыцы
1 яйка
кукурузныя шматкі
соль, перац

Прыгатаванне:
1. Курыцу памыць, прамакнуць папяровым ручніком. Парэзаць на кавалкі таўшчынёй не больш за 0,5 см. Пасаліць, пасыпаць молатым чорным перцам.
2. Узбіць 1 яйка. У асобнай талерцы рукамі пакрышыць кукурузныя шматкі, каб кавалачкі сталі меншымі.
3. Добра разагрэць патэльню з алеем (алею даць паболей).
4. Кавалкі курыцы спачатку абмакаць у яйку, а потым абваляць з абодвух бакоў у кукурузных шматках.
5. Кавалкі курыцы абсмажыць на патэльні на сярэднім агні з абодвух бакоў. Па меры патрэбы даліваць алей. Выкласці падсмажаныя кавалкі на папяровы ручнік, каб сцёк лішні тлушч.
Падаваць з кетчупам ці іншым улюбёным соусам. Так прыгатаванае філе курыцы вельмі нагадвае фастфуд з KFC і атрымліваецца хрусткім. Але лепей з'есці ўсё, пакуль цёплае, бо калі разаграваць курыцу на наступны дзень, то шматкі размякаюць.


Смачна есці!
***


Іншы варыянт стравы з курынага філе - экзатычныя шашлыкі можна знасці тут










No comments :

Post a Comment