Tuesday 7 July 2015

Рыба па-грэчаску

Лёгкі акцэнт міжнароднай палітыкі ў маім блогу)))



Пакуль уся Еўропа абмяркоўвае будучыню Грэцыі і ўмовы крэдытнай дапамогі для яе, у маім меню - рыба па-грэчаску, трэба ж быць у трэндзе, так бы мовіць. Рэцэптаў гэтай стравы існуе шмат, і мой зусім не прэтэндуе на назву адзіна правільнага. Але на ягоную карысць сведчыць тое, што гатуецца ён проста і не патрабуе ніякіх незвычайных складнікаў, а ўсім, хто спрабуе, смак рыбы па-грэчаску падабаецца. Рыбу для гэтай стравы можна выкарыстаць любую, галоўнае каб было філе, бо натрапіць выпадкова на костачку бывае не вельмі прыемна. Мой камбайн нарэшце вярнуўся з рамонту, таму нават рэзаць цыбулю і моркву мне не прыйшлося рукамі, так што прыгатавалася ўсё без дадатковага высілку. Яшчэ адзін плюс стравы - не трэба прытрымлівацца прапорцый інгрыдыентаў, можна проста выкарыстаць тое, што ёсць у лядоўні - калі будзе крыху больш цыбулі ці морквы - нічога страшнага, усе варыяцыі прымальныя. На гэты раз я рабіла падвойную порцыю, таму ўжывала ў 2 разы больш усяго.

Складнікі:
500 гр філе рыбы (марожанага або свежага)
3 сярэднія моркаўкі
3 сярэднія цыбуліны
4 ст. лыжкі смятаны
2-3 ст. лыжкі таматнага соусу (або кетчупу)
арэгана
соль, перац

Прыгатаванне:
1. Калі ўжываеце марожаную рыбу, то яе трэба размарозіць. Прысаліць, пасыпаць чорным молатым перцам ці іншымі ўлюбёнымі прыправамі для рыбы.
2. Пачысціць і парэзаць цыбулю паўколамі, а моркву сцерці на крупнай тарцы.
3. Абсмажыць цыбулю на разагрэтым алеі, крыху яе прысаліць. Адкласці ў талерку ці міску.
4. Асобна абсмажыць на разагрэтым алеі моркву. Адкласці ў талерку.
5. Абмакаць кавалкі рыбы ў муцэ, абсмажыць з абодвух бакоў.
6. Уключыць разагравацца духоўку да 170 градусаў з тэрмавентылятарам і да 190 без яго.
7. Форму для выпечкі крыху памазаць алеем. Выкласці абсмажаную рыбу ў якасці ніжняга слою.
8. Наверх выкласці слой цыбулі, а потым морквы.
9. Зрабіць соус. Для гэтага перамяшаць смятану з таматным соусам і арэгана, дасаліць, дадаць чорны молаты перац. Калі соус падаецца вам занадта густым, можна зрабіць яго радзейшым, дадаўшы вяршкоў.
10. Заліць рыбу соусам і адправіць у духоўку на 40 хвілін.
Рыба па-грэчаску выдатна смакуе як у цёплым, так і у халодным відзе.





 Смачна есці!







1 comment :