Wednesday 8 July 2015

Чызкейк без духоўкі, яек і цукру

У якасці кантрастнага дадатку да салодкага - парэчкі

Я вярнулася з адпачынку, таму нядоўгі перапынак у маім блогу скончыўся. На тэлефоне шмат фотак са стравамі, але пакуль не паспяваю ўсё апрацаваць і выкласці. У галаве шмат ідэй для новых страваў. Але ўсё паступова, сёння - чызкейк, які не трэба выпякаць у духоўцы. Замест гэтага - да яго дадаецца жэлацін і чызкейк застывае ноч у лядоўні. Замест цукру ў тварог дадаецца растоплены белы шакалад. Не магла не дадаць да яго і свежых клубніцаў, сезон на якія яшчэ не скончыўся, а таксама для кантрастнасці - кіслыя парэчкі, якія ідэальна дапоўнілі гармонію смакаў. У тварог дадаецца таксама зерне з цэлай ванільнай палачкі - такім чынам перабіваецца не зусім прыемны пах разведзенага цёплай вадой жэлаціну. Але я дадала крыху малавата жэлаціну, таму пакуль рабіла фотаздымкі, чызкейк крыху падтаяў. У інгрыдыентах адразу пішу большую колькасць - каб дэсерт меў яшчэ больш жэлейную кансістэнцыю.

Складнікі:
500 гр тварагу
300 гр белага шакаладу
150 мл тлустых вяршкоў
зярняткі з 1 цэлай ванільнай палачкі
1 ст. лыжка жэлаціну

клубніцы і парэчкі (ці іншыя ягады) 

Прыгатаванне:
1. Тварог 2-3 разы прапусціць праз мясарубку, каб ён меў гладкую кансістэнцыю (або можна ўжыць гатовы тварог для чызкейкаў, калі ён у вас прадаецца).
2. Растапіць на вадзяной лазні (над парам) белы шакалад. Зміксаваць з тварагом.
3. Дадаць зярняткі з ванільнай палачкі і зноў зміксаваць. 
4. У асобнай місцы ўзбіць вяршкі, каб яны сталі густымі і дадаць у тварожна-шакаладную масу.
5. Жэлацін развесці ў маленькай колькасці кіпеню ў кубачку. Астудзіць. 
6. У кубак з разведзеным жэлацінам дадаць спачатку лыжку тварожнай масы, перамяшаць да аднароднасці. Потым яшчэ некалькм лыжак, таксама перамяшаць. Потым усю сумесь з кубачка дадаць да тварагу і старанна перамяшаць. 
7. Узяць форму дыяметрам каля 20 см. Абкласці яе харчовай плёнкай. Перакласці туды тварожна-жэлейную сумесь. 
8. Адправіць у лядоўню на цэлую ноч. 
9. Перад тым, як падаваць, упрыгожыць свежымі ягадамі - добра, калі яны будуць кіслымі, тады смак салодкага тварагу цудоўна імі дапаўняецца. 
 


***
Акрамя гэтага чызкейку свежыя клубніцы можна таксама выкарыстаць для наступных страваў з маго блога:


Сардэчна запрашаю гатаваць і каментаваць, а таксама дзяліцца ўласнымі рэцэптамі!







No comments :

Post a Comment