Tuesday 14 July 2015

Зялёны соус у індыйскім стылі

У спалучэнні з печанай маладой бульбай

Працягваю разграбаць адпачынкавыя завалы прыгатаванага і не апублікаванага. Без кнігі ў адпачынак я ніколі не езджу, а сёлетнім чытвом зусім выпадкова стала "Еш, маліся, еш" ("Eat, Pray, Eat" аўтара Michael Booth, не блытаць з нашумелай "Eat, Pray, Love" Elizabeth Gilbert). Сюжэт такі - герой кнігі падарожнічае з жонкай і дзецьмі па Індыі і змагаецца з крызісам сярэдняга ўзросту, залежнасцю ад ежы і алкаголю, паралельна распавядае пра тое, якія стравы і дзе ён каштуе. Кніга вельмі цікавая як з пункту гледжання аматараў падарожжаў, так і аматараў ежы. Там канечне шмат мясцовых індыйскіх страваў, зрабіць якія немагчыма без спецыяльных складнікаў, але некалькі рэальных для прыгатавання рэчаў я для сябе там знайшла. Адна з іх - мятна-каляндравы зялёны соус, які можна выкарыстаць у якасці дадатку да бульбы або да чагосьці іншага, на што хопіць фантазіі. Соус смачны сам па сабе і вельмі араматны, мае лёгкі асвяжальны смак і цудоўна пасуе да летняга надвор'я. Можна дакладна не трымацца пададзеных мной прапорцый, а проста зрабіць на вока і згодна з індывідуальным густам - чагосьці больш, чагосьці менш.
Складнікі: 
1 кг маладой бульбы
180 гр натуральнага ёгурта ці нятлустай смятаны
пучок свежай мяты
пучок свежай каляндры
2 зубкі часныка
5 ст. лыжак алею
1 ст. лыжка мёду
сок з паловы лімона
1 лыжачка прыправы кары ў парашку
соль, перац

у якасці загусціцеля (неабавязкова)  - молатыя сухары або 1-2 лыжачкі молатага насення льну
Прыгатаванне:
1. Бульбу добра памыць, высушыць папяровым рушніком, выкласці на бляху і адправіць у разагрэтую да 180 градусаў духоўку на прыкладна 30 хвілін. Праверыць гатоўнасць бульбы відэльцам, каб была мягкая ўнутры. 
2. Часнык парэзаць на кавалкі. Усе складнікі акрамя лімоннага соку спалучыць і зміксаваць блэндэрам да стану аднароднай масы. 
3. Выціснуць сок з паловы лімона і часткамі дадаваць да соусу, кожны раз спрабуючы смак. Калі адразу дадаць цалкам увесь сок, то соус можа атрымацца занадта кіслым, таму лепш не перабольшваць з лімонам. 
4. Калі кансістэнцыя соуса занадта вадкая, можна дадаць загусціцель - напрыклад молатыя сухары ці молатае насенне льну. Я дадавала лён, з ім трэба быць уважлівым, бо ён разбухае паволі, таму таксама трэба не перабольшыць з гушчынёй. 
5. Готовы соус перакласці ў чысты шкляны слоік (калі застанецца лішні соус, то можна некалькі дзён захоўваць яго ў лядоўні).
6. Калі бульба спячэцца, выкласці яе на талеркі, паліць соусам. 









No comments :

Post a Comment