Thursday 16 July 2015

Чызкейк з брауні і малінамі

Моцна шакаладнае цеста, далікатны тварог і спелыя маліны

Сезон на клубніцы сёлета для мяне скончыўся, прычым лічу, што паспяхова, бо клубніцаў мне не захочацца цяпер даволі доўга. За тое ў самым разгары сезон на маліны. Паколькі чызкейкі мне яшчэ не надакучылі, шакалад у маім доме, дзякуй Богу, не пераводзіцца, то гэтыя цудоўныя рэчы варта было спалучыць з не менш цудоўнымі малінамі. Рэцэпт знайшла ў нейкім даволі непрыглядным дадатку да часопіса мама і падзялілася са мной. Праўда ў арыгінале было вельмі шмат цукру, колькасць якога я скараціла напалову і атрымалася ў сам раз. Чызкейк робіцца проста, а пахне і смакуе неверагодна.

Складнікі:
маліны, колькі не шкада
Цеста
2 горкія шакаладкі (разам 200 гр)
120 гр мукі
200 гр мягкага масла
130 гр дробнага цукру
3 яйкі

Тварожная начынка
500 гр тварагу
2 вялікія яйкі
130 гр дробнага цукру

Прыгатаванне:
1. Спачатку робіцца начынка. Тварог некалькі разоў прапусціць праз мясарубку або набыць адразу гатовы тварог для чызкейкаў. 
2. Дадаць да тварагу яйкі і цукар, усё разам добра перамяшаць міксерам.  Адставіць тварожную масу ў бок.
3. Затым робіцца цеста. Масла зміксаваць ці перацерці з цукрам. Міксуючы, дадаваць па адным яйку.
4. Шакалад паламаць на кавалкі, растапіць у металічный місцы над парам. Крыху астудзіць і дадаць да масла з яйкамі і цукрам, добра перамяшаць.
5. У канцы дадаць да сумесі муку і перамяшаць, каб маса стала аднароднай.
6. Паставіць награвацца духоўку на 170 градусаў. Форму выкласці паперай для выпечкі. Палову шакаладнага цеста выліць у форму. Потым выкласці ўсю тварожную масу. Наверх выкласці астатняе шакаладнае цеста. Можна проста адным слоем, а можна лыжкай выкладаць кропкамі, а потым зрабіць на пірагу ўзоры.
7. Наверсе выкласці маліны і крыху "ўтапіць" іх у цеста (каб не падгарэлі падчас выпечкі).
8. Адправіць чызкейк у духоўку на прыкладна 50 хв. Потым адкрыць духоўку і астудзіць пірог. Найлепш пірог смакуе крыху цёпленькім. Але яго можна схаваць у лядоўню, прыкрыўшы фальгой. Толькі перад тым, як есці, яго трэба вынуць з лядоўні крыху загадзя, каб не быў занадта халодны, тады на поўніцу адчуваецца ўвесь малінава-шакаладны арамат.






***

Іншыя варыянты чызкейкаў з майго блогу:










No comments :

Post a Comment