Wednesday 26 August 2015

Курыны паштэт з духоўкі

Курыныя грудкі з дадаткам журавіны


Сённяшні пост прысвечаны дадатку да снядання. У падтрымку гэтага рэцэпту можна прывесці некалькі аргументаў. Ён карысны, бо з вялікай колькасцю лёгкастрававальнага бялку, дыетычны, бо без тлушчу, і напэўна спадабаецца дзецям, бо мае ў сярэдзіне сушаную журавіну. Паштэт можна зрабіць у выходныя і некалькі дзён захоўваць у лядоўні, вядома, загорнутым у харчовую плёнку. Найлепш гэты паштэт смакуе ў бутэрбродзе з цёмным хлебам і дадаткам муштадры ці марынаванага гурка.

Складнікі:
400 гр курынага філе
300 гр морквы
20 гр сушанай журавіны
4 яйкі
1 лыжачка скуркі з лімона
сушаны чабор
соль, перац

Прыгатаванне:
1. Моркву абраць і парэзаць на невялікія кавалкі. Зварыць разам з курыным філе да гатоўнасці. Галоўнае не пераварыць грудкі, бо яны стануць сухія і цвёрдыя.
2. Астудзіць моркву і курыцу і прапусціць праз мясарубку.
3. Аддзяліць бялкі ад жаўткоў. Да масы дадаць 4 жаўткі, скурку з лімона, журавіну, соль, перац і сушаны чабор (з ім трэба абыходзіцца акуратна, бо калі перасыпаць, здамінуе ўвесь смак).
4. Бялкі ўзбіць міксерам да стану пены і далікатна перамяшаць з пазасталай масай.
5. Разагрэць духоўку да 180 градусаў. Паштэт выкласці ў форму з паперай для выпечкі. Адправіць у духоўку на 40 хвілін.
6. Падаваць з хлебам, марынаваным гурком ці муштардай ды свежай гароднінай. Паштэт можна есці адразу, як крыху астыне, або пакласці ў лядоўню, аднак перад тым як есці, варта выцягнуць яго з лядоўні на хвілін 15 раней, каб "размарозіць" смакі.









No comments :

Post a Comment