Wednesday 19 August 2015

Суп-пюрэ з печанай гародніны

У галоўнай ролі - балгарскі перац і памідоры

Пакуль навокал яшчэ не скончыўся сезон на памідоры, варта яго выкарыстаць, каб прыгатаваць суп з печаных памідораў. Ягоны смак істотна адрозніваецца ад звычайнага таматнага супа, які найчасцей гатуюць з кансерваваных памідораў і нават з таматнай пасты. А незвычайнай пікантнасці дадае смак печанага балгарскага перца. Варта дадаць да супа крыху грэнак, бо хрусткія хлебныя кавалачкі выдатна гарманіруюць з аксамітнай кансістэнцыяй супа-пюрэ. А базай для яго прыгатавання з'яўляецца булён. У мяне быў булён з гародніны, але можа быць любы іншы - курыны, свіны, з ялавіччыны.

Дарэчы адкрыццём гэтага года ў галіне гатавання супоў для мяне стала тое, што булёны можна марозіць. Гэтую, падавалася б, відавочную рэч для мяне адкрыла ў сваёй кулінарнай ТБ-праграме Марта Сцюарт, амерыканская гуру хатніх гаспадынь. Цяпер, калі гатую булён, заўсёды бяру найвялікшую каструлю, а лішкі булёна разліваю ў пакеты для замарозкі і захоўваю іх у маразілцы. Вельмі карысная штука, калі трэба хутка прыгатаваць суп ці нешта пратушыць - такі булён з маразілкі незамянімая рэч. Яго дастаткова ў выглядзе лёду закінуць у каструлю, паставіць на агонь і пачакаць пару мінут, пакуль растане і пракіпіць. Толькі на пакетах для замарозкі варта запісваць дату і від булёну, каб выбраць неабходны пакет і таксама, каб замарожаны булён не ляжаў па паўгода ў маразілцы.
Складнікі:
4 саспелыя памідоры
3 балгарскія перцы
1 цыбуліна
3 зубкі часныку
400 мл булёну
некалькі лісткоў свежага базіліку
соль, перац
аліўкавы алей
бальзамічны воцат
смятана ці натуральны ёгурт
грэнкі ці некалькі кавалкаў хлеба, каб зрабіць сухарыкі

Прыгатаванне:
1. Перац і памідоры памыць і разрэзаць напалову. З перца вынуць костачкі і белую сярэдзінку. Цыбулю абраць і парэзаць на 8 частак. Часнык памыць, можна абраць, але не абавязкова. 
2. Разагрэць духоўку да 200 градусаў. Узяць вялікую бляху, засцяліць яе паперай для выпечкі, разкласці гародніну - перац скуркай угару, памідоры скуркай уніз, а цыбулю і часнык паміж імі. Усё паліць крыху аліўкавым алеем і адправіць у духоўку на 30-40 хвілін. 
3. Пакуль гародніна пячэцца можна зрабіць сухарыкі. Для гэтага дастаткова парэзаць хлеб кубікамі, пасыпаць яго ўлюбёнымі прыправамі (калі любіце пікантнае) або нічым не пасыпаць, а проста паліць аліўкавым алеем. Бляху можна адправіць у духоўку да гародніны але сачыць за сухарыкамі і вынуць іх праз 5-10 хвілін, у залежнасці ад таго, наколькі падсмажаны хлеб любіце.
4. Калі гародніна спячэцца, перац перакласці ў харчовую плёнку і пакінуць у ёй на пару хвілін, каб лягчэй адыйшла скурка. Тым часам калі гародніна крыху астыне, зняць скурку з памідораў і часныку. А потым і з перца. 
5. У каструлю наліваем булён, дадаем туды ж усю гародніну - перац без скурак, памідоры без скурак, часнык і цыбулю. Прыпраўляем суп соллю, чорным молатым перцам, бальзамічным воцатам. Можна дадаць чылі. Усё разам гатуем на малым агні 20 хвілін, каб усе смакі прасякнулі адзін адным. 
6. Пад канец дадаць лісткі базіліка. Пачакаць, каб суп крыху астыў і блэндэрам зміксаваць да стану аксамітнай масы. Падаваць з сухарыкамі і смятанай (або натуральным ёгуртам). 





Смачна есці!


***

Іншы варыянт гародніннага супу з грэнкамі тут:





No comments :

Post a Comment