Monday 28 September 2015

Грушава-арэхавы пірог

З падсоленай карамеллю


Гэты пірог я прыгатавала першы раз некалькі гадоў таму, а рэцэпт знайшла дзесьці ў інтэрнэце. Ён зацікавіў мяне, па-першае, выглядам, а па-другое, тым, што у карамель пасля груш дадавалася соль. Падавалася б - што можа быць супольнага паміж салодкай карамеллю і соллю? Аднак кулінарныя французскія геніі, аказваецца, даўно дадумаліся да такога спалучэння. І вось на днях раздрукаваная паперчына з рэцэптам патрапілася мне на вочы і я вырашыла прыгатаваць гэты пірог з грушамі і грэцкімі арэхамі. Пірог просты, складнікі шырока даступныя для кожнага. Галоўны сакрэт толькі ў тым, каб не спаліць карамель. Для гэтага проста нельга адыходзіць ад пліты і трымаць патэльню на маленькім агні.


Складнікі:
3 вялікія грушы або 4-5 меншых
240 гр цукру
4 яйкі
160 гр мягкага масла
200 гр мукі
лыжачка молатага кардамона (неабавязкова)
0,5 лыжачкі пякарскага парашку
лыжачка солі
50 гр грэцкіх арэхаў
Прыгатаванне:
1. Грушы не абіраць, памыць, разрэзаць на чвэрці і выразаць з кожнага кавалка сярэдзінку.
2. На сярэднім агні разагрэць патэльню. Насыпаць на яе 120 гр цукру і растапіць яго. Дадаць грушы і падсмажыць іх у карамелі на кожным баку.
3. Падрыхтаваць форму для выпечкі, абмазаць яе маслам. Выкласці на яе карамелізаваныя грушы. Можна спачатку проста перакласці іх у форму і заняцца карамеллю, а пакуль тая будзе гатавацца, раскласці грушы "сонейкам" вакол сярэдзіны формы.
4. Як толькі на патэльні не засталося больш груш, трэба абавязкова зменшыць агонь, бо карамель згарыць. Дадаць у яе паўлыжачкі солі і крыху пагатаваць карамель на малым агні. Яе колер мусіць заставацца карычневым і ні ў якім выпадку не станавіцца чорным.
5. Грэцкія арэхі крыху пакрышыць рукамі на меншыя кавалачкі і выкласці ў форму на грушы, у сярэдзіну і па баках.
6. Паліць грушы з арэхамі карамеллю.
7. Уключыць разагравацца духоўку да да 180 градусаў на звычайны рэжым ці на 160 градусаў з тэрмавентылятарам.
8. Міксерам узбіць мягкае масла і пазасталыя 120 гр цукру. Узбіваючы, дадаваць чвэрць лыжачкі солі, молаты кардамон, пякарскі парашок.
9. Па адным дадаваць яйкі, а потым дадаваць муку малымі порцыямі і працягваць узбіваць да аднароднай масы.
10. Цеста выкласці на грушы і разраўняць.
11. Адправіць у духоўку на 45-50 хвілін.
12. Вынуць пірог, крыху астудзіць, а потым перавярнуць уверх дном на талерку. Важна зрабіць гэта пакуль пірог цеплы, бо калі зусім астыне, то карамель прылепіцца да формы.



 




***

Іншы варыянт стравы з грушамі з майго блогу можна знайсці тут:


No comments :

Post a Comment