Monday 14 September 2015

Гарбузна-яблычны пірог

З восеньскім араматам спецый

Паколькі на несалодкі пірог з гарбуза ў мяне пайшла толькі палова гарбуза, то трэба было нешта зрабіць з другой часткай. А паколькі ў лядоўні таксама заваляліся некалькі яблыкаў, ідэя спалучыць два восеньскія дары прыроды нарадзілася сама сабой. Толькі на гэты раз я вырашыла не тушыць гарбуз, як у папярэднім рэцэпце, а запекчы яго ў духоўцы і толькі потым зрабіць пюрэ. Кажуць, што так нібыта гарбуз больш смачны і салодкі. Мой гарбуз, праўда, надта салодкім не быў ад самага пачатку, але некалькі лыжак цукру ўсё выправілі. У выніку атрымаўся вельмі духмяны, араматны пірог, які ідэальна пасуе да прахалоднага надвор'я за вакном. Наперадзе канечне прагназуюць пацяпленне, але пакуль тое сонца вернецца, пірага ўжо і не застанецца.
Складнікі:
Цеста
130 гр мукі
80 гр халоднага масла
50 гр цукру
0,5 узбітага яйка

Начынка
500-600 гр гарбуза
2,5 яйка
2 яблыкі (лепш кіслыя)
100 мл смятаны або вяршкоў 18%
4 лыжкі цукру
0,5 лыжачкі карыцы
молаты імбір
молаты кардамон
молатая гваздзіка
молаты мускатны арэх
Прыгатаванне:
1. Разагрэць духоўку да 200 градусаў. Падрыхтаваць форму для выпечкі гарбуза.
2. Гарбуз парэзаць на долькі, абраць, а затым парэзаць на кубікі. Выкласці ў форму, заліць крыху вадой і адправіць у духоўку прыкладна на 40 хвілін ці пакуль гарбуз не памякчэе. Калі трэба, можна падчас выпечкі яго памяшаць ці даліць вады.
3. Тым часам робіцца цеста. Масла рэжацца кубікамі, дадаецца да мукі. Туды ж насыпаць цукру. Усё разам пасекчы нажом у місцы.
4. Потым рукой расціраць цеста, каб паўсталі крупныя крышкі. Дадаць палову ўзбітага яйка і замясіць цеста. Загарнуць у харчовую плёнку і адправіць у лядоўню на 30 хвілін.
5. Форму для пірага памазаць маслам. Вынуць цеста з лядоўні і раскласці ўжо ў форме для выпечкі пірага. Для таго каб паверхня цеста была роўнай, можна выкарыстаць замест вялікай каталкі шклянку.
6. Зрабіць у цесце дзірачкі відэльцам, каб яно не паднялося падчас выпечкі. Цеста ў форме можна адправіць у лядоўню, пакуль гарбуз не будзе гатовы. Неабавязкова, але можна - непасрэдна перад выпечкай на цеста ў форме пакласці паперу для выпечкі і цяжар (напрыклад гарох з фасоляй), каб мець пэўнасць, што корж выйдзе роўным.
7.  Зменшыць тэмпературу ў духоўцы да 180 градусаў і пекчы корж каля 15 хв. Потым зняць цяжар і пекчы, пакуль корж не стане цвёрдым і крышачку не падрумяніцца.
8. З крыху састылага гарбуза зрабіць пюрэ. Дадаць да яго 2,5 яйка, вяршкі або смятану, цукар і прыправы. Прыправы варта дадаваць згодна са сваім смакам, каб не перабольшыць, асабліва з карыцай, калі яе дадаць зашмат, то яна перабівае ўсё астатняе сваім араматам.
9. Яблыкі абраць і парэзаць тонкімі долькамі, якія можна будзе выкласці наверсе.
10. Калі корж будзе гатовы, можа падраўняць яго край вострым нажом. У корж выліць сумесь гарбуза, вяршкоў (ці смятаны), яек ды прыправаў.
11. Наверсе выкласці яблыкі.
12. У духоўцы падняць тэмпературу да 200 градусаў. Адправіць пірог на 15 хвілін пры такой тэмпературы. Потым зменшыць яе да 180 градусаў і выпякаць яшчэ 30 хвілін.

Падаваць цёплым або халодным, з гарачай гарбатай ці кавай.









***
Ну а гарбузны пірог у несалодкай версіі можна знайсці тут:




No comments :

Post a Comment